Жизнь

Галасы Незалежнасці. Валянцін Акудовіч

319 Журнал

Вядомы філосаф і пісьменнік заклікае беларусаў сказаць рашучае «Не!» планам па інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі.

Я знайшоў сваё сапраўднае месца толькі ў незалежнай Беларусі. Толькі ў ёй я зразумеў, хто я, навошта я – і навошта мне мая краіна. Незалежнасць  Беларусі для мяне настолькі істотна, што я не знаю, з чым я магу яе параўнаць. 

Беларускае мысленне ўжо сфармавалася як моцная з’ява, для мыслення неістотна, якая ў нас улада. Але для мяне, як для мысляра, апынуцца ў Расеі – гэта як апынуцца ў турме. І гэта не метафара.

Мая нядаўняя кніжка называецца «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне». Яна распачынаецца эпізодам пра тое, як я жыў у Маскве, калі вучыўся там у літаратурным інстытуце. Толькі пасля таго, як здарылася незалежнасць Беларусі, я зразумеў, што тады ў тым горадзе я нібыта і не жыў, у той, чужой, культуры мяне не было. Бо тады я жыў там, не ведаючы ўвогуле пра магчымасць незалежнай Беларусі. А зараз для мяне незалежная Беларусь – гэта мой дом. І калі ў мяне гэты мой дом забяруць, я апынуся нават не нідзе, а проста ў турме. Не ў жытле, а ў камеры, таму што тут усё будзе чужое для мяне.

Каб пазбегнуць страты нашай незалежнасці, я заклікаю кожнага беларуса зрабіць тое, што і я – публічна сказаць: «Не!». Не такому варыянту! Мы хочам жыць у сваім доме, і не чапайце нас! У вас хапае і тэрыторыі, і гарадоў, і ўсяго іншага. Дайце нам жыць самім так, як мы хочам.

Шаноўныя мае суграмадзяне! Зараз настаў час гучна выказаць свой пратэст супраць любых ідэяў інкарпарацыі Беларусі ў Расію. Калі нас будзе шмат, і мы ў вялікай колькасці будзем гаварыць гэтае «Не!», рэха гэтага слова загучыць усюды – і яны спалохаюцца. І зразумеюць: ніхто іх з кветкамі тут сустракаць не будзе! І не лезьце да нас са сваімі танкамі, аншлюсамі і са сваёй эканомікай, якой вы хочаце нас задушыць.

Давайце скажам гэтае рашучае «Не!» – ў любых формах, праз розныя платформы і сродкі інфармацыі. Нашых галасоў павінна стаць шмат, вельмі шмат!

Чытайце далей:

Мысляр парадокса. Акудовіч ёсць

В пасти медведя. Как «счетоводы» планируют отобрать нашу независимость

Галасы незалежнасці. Ірына Леўшына

Комментировать