Арт

Ліманадны Джо(й). Вэстэрн часоў серыйнай беларушчыны

221 Максим Жбанков

Лепшымі сябрамі савецкіх падлеткаў былі Фантамас ды Чынгачгук. Першы – бо быў элегантна крымінальным, мяняў твары як пальчаткі і спакушаў хударлявых бландынак. Другі – бо лётаў на кані з вінчэстэрам у рукох і змагаўся за нікому больш не патрэбную свабоду. Абодва былі папсовымі еўрапейцамі: Фантамас прыляцеў з парыжскай друкаванай бульваршчыны, Чынгачгук – з югаслаўскіх ды нямецкіх вэстэрнаў.

Дазволены культурны імпарт. Цацачнае замежжа. Рэзідэнты немагчымага. Бо прывабнасць гэтых чувакоў у вачох савецкіх дзетак грунтавалася на іх відавочнай несумяшчальнасці з бадзёрым шчасцем будаўнікоў камунізму. Час прайшоў. А смеццевы сантымент застаўся – як малая радзіма паюзаных герояў эстэцкай нязгоды.

Лявон Артуравіч Вольскі выдаў сольны альбом “Амерыка”. Сам гэты факт не цягне на сенсацыю – нават з абяцаннямі героя закасіць пад Джоні Кэша, Боба Дылана, Creedence Clearwater Revival і нават (невядома з якога пераляку) пад паліфанічна-гарманічных The Beach Boys.

А што? Вольскі можа. Гульня – ягонае другое імя. Саркастычна-гумарыстычная агучка прасторы – звычайная справа. Аудыёспектакль – нармальны стан свядомасці. Ніхто, пэўна, не здзівіўся б, атрымаўшы ад Лявона складанку эскімоскіх прыпеваў альбо малайскіх куплетаў. Бо ўсё астатняе – ад нямецкіх застольных да ірландскіх плясавых – здаецца, ужо адкрамбамбулілі і адбелсацілі. Вось толькі ў Японію нягоднік Вайцюшкевіч паспеў першым.

 

Але ўсё ж навошта зорнаму рокмэну пацёрты каўбойскі капялюш? Новыя рытмы? Новы слухач? Зрэшты, класічная “амерыкана” – шалёны мікс вясковага фальклору, працоўных спеваў, меладраматычных балад, салуннага ўгару і хрысціянскіх гімнаў – зусім не модны трэнд і ніякім чынам не актуальная прапанова. Вінтажныя справы, наўрад ці зразумелыя звычайнай аўдыторыі гурту Volski. Каб спрацаваць, новы прадукт мусіў быць пераканаўча моцным. Аднак у дыскаграфіі Вольскага “Амерыка” бачыцца ціхім крокам назад.

Гэты кароткі (27’44’’) альбом канцэптуальна памірае ўжо на першых трэках. Пасля салодкага “Прывітанне, Амерыка!” з амаль дзіцячым спісам заакіянскіх цудаў (“вадаспады і прэрыі, і Біл Клінтан, і Іствуд Клінт…”) ды запрашэннем слухача ў залётны кіношны атракцыён (“вось тваё месца, вось твой шэраг, мігціць экран!”) мы трапляем адразу на фінальныя тытры. “Дзьмухаўцовае віно” – з падставовым вобразам наўпрост з вядомай кніжкі Рэя Брэдберы – частуе палынным напоем расчаравання ды эмацыйнай вычарпанасці.

А далей саркастычны ракешнік “Don’t Speak”. І гэта ўжо не Канзас, Татошка. Гэта родны брудны ракенрол. Тыповы Лявонаў наезд на тутэйшых афэлкаў. Аўтар вяртаецца ў зручную каляіну. І далей валіць як заўжды: шчымлівая балада “Далёка”, чарговы фельетончык “Смех у зале”, патасныя “Небяспечныя гульні”, сахарынавая “Яшчэ не вечар” і патэтычна-грувасткі “турэмны” фінал “Сцяна”/“Палон”/“Роля героя”.

Звычайны Вольскі. Праўда, крыху прыпылены саунд. Акуратныя падпеўкі. Трынькае гітарка ў стылі дабітлоўскіх The Ventures. Штосьці сквірчыць у левым і дзынькае ў правым канале. Ага, яшчэ аўтэнтычныя скураныя бубны. Амаль як у гуру вінтажнага бугі Ці-Боўна Бэрнета.

Аднак прылізаны дызайн не хавае хібаў кантэнту. З каўбойшчынай неяк не склалася – можа за выключэннем “Дзьмухаўцоў…”, “Сцяны” і файнай элегантнай мексіканы “Калі пачнецца той снег”. Усяму астатняму нармальна і без “гарачых канёў” ды гарачых валын. Базавы маркер: неабавязковасць. Кожны трэк мог трапіць на які заўгодна папярэдні альбом. І наадварот: з ранейшых плытак можна лёгка назбіраць і больш выразных вэстэрн-зонгаў – ад “Куфаль піва, келіх віскі” да “Ніхто не хацеў паміраць”.  А нечаканы паўтор на новым альбоме вядомай “Ролі героя” (упершыню запісанай ажно дзесяць год таму для “Такога няма нідзе”) увогуле выглядае адзнакай пэўнага крызісу жанру: свежага моцнага фіналу, падобна, не знайшлося.

 

Галоўны дысананс “Aмерыкi” – вострая несумяшчальнасць формы і сэнсу, жанру і асобы. Як ранішнік у ТЮГу з закосам пад высокую трагедыю. У наіўную прастору падлеткавай кіношкі трапляе дэпрэсіўны герой папярэдняга трыплету “Грамадазнаўства”–“Псіхасаматыка”–“Гравітацыя”. Каб у сэрцы гішпанскіх прэрый пасярод кардонных кактусаў агучыць набалелае. Вольскі спявае пра маляўнічых цярпіл на шляху з купелі на крыж. Пра бязглузды свет, дзе “кожны скардзіцца і дакарае”, “штосьці неяк робіцца ў самнамбулічным паўсне”, а навакол ”толькі цень былых ідэй”.  

Але ж гэтаму траўматычнаму ландшафту каўбойскі драйв абсалютна не патрэбны. Больш за тое, ён тут прынцыпова немагчымы. Бо ўсё ўжо адбылося. І не на тваю карысць.

Вэстэрн па вызначэнні – зона адчайных і адвязных, шалёных і ўпартых, авантурыстаў з адбітым розумам і праваахоўнікаў з ампутаванай мараллю, будаўнікоў новага свету з крыві, поту і слёз. Герой вэстэрна можа быць неадэкватным. Хлусам. Прайдзісветам. Але не мае права быць пакрыўджаным, слабым ды самазакаханым. Немагчыма ўявіць, каб старэча Гары Купер, брутальны Лі Марвін ці руды ліс Клінт Іствуд мурчэлі нешта пафасна-слязлівае ціпа “ні свой, ні чужы, я іду ад мяжы да мяжы праз імжу, праз смугу і праз жызняў былых міражы”, пакутніцка-ахвярнае “роля героя – цяжкая роля”, зласлівае “хочацца народу, хочацца піўка і каб кіравала цвёрдая рука” альбо надрыўнае “смех-смех-смех у зале, плач-плач на сцэне плач!”

А вось у “Aмерыцы” ўсё гэта гучыць цалкам натуральна. Бо ў яе карыкатурным свеце магчымы адно вось такі мульцяшны фронтмэн: патэтычна-лірычна-траўматычны Ліманадны Джо са старой чэхаславацкай кінапародыі. Ахвяра абставінаў. Прывід героя. The Ghost Rider.

Дык ідзі і глядзі. Плач і не азірайся. Адзіны плюс: можна ўжо не напружвацца.

 

Нармальны райтар часоў стагнацыйнай беларушчыны не жыве, а мігціць. Пазначае прысутнасць. Крочыць няма куды. Таму ён вырашае галоўнае (для сябе) пытанне: заставацца стабільна заўважным.

Выпрацоўваеш звычку да рэгулярных высілкаў. Робішся стагнацыйна паспяховым.

Зараз вось зняўся ў профіль. Пагуляўся з фанцікамі.

Чытайце далей:

Новый Volski. Открытки из бездны

Илья Черепко-Самохвалов: «В Беларуси нет шоу-бизнеса – есть только братство и кумовство»

Сергей Пукст: «Публика уходит к прямо говорящим мудакам»

Комментировать